Адкрыццё выставы карцін з лямцу Ірыны Калеснікавай «Цёплыя далоні». Выстава прымеркавана да Дня маці

Сябры! 5 кастрычніка 2022 года а 18-й гадзіне ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва адбудзецца адкрыццё выставы карцін з лямцу Ірыны Калеснікавай “Цёплыя далоні”. Выстава прымеркавана да Дня маці.

Лямец (ад от цюрк. ojlyk ‒ покрыва, пакрывала) ‒ від няпрадзенага і нятканага тэкстылю з натуральнай воўны, а валенне лямцу – адна з самых старажытных тэхнік стварэння вырабаў з воўны. Паводле легенды, першы валены дыван з’явіўся на Ноевым каўчэгу.

Валенне лямцу ў наш час сапраўды перажывае другое нараджэнне, ператвараючыся з жыццёва важнага рамяства ў яркую форму мастацкага самавыяўлення. Воўна – матэрыял натуральны, экалагічна чысты, цёплы, мяккі і лёгкі, а сучасная шырокая палітра колераў пашырае магчымасці майстроў, якія ствараюць цацкі, пано, дэкаратыўныя элементы, прадметы адзення або аксэсуары.

Ірына Калеснікава працуе з лямцам ўжо больш за 12 гадоў і стварае свой унікальны сусвет. У цёплых далонях мастачкі звычайная воўна ператвараецца ў самабытныя аб’ёмныя карціны, на якіх казка становіцца рэальнасцю, напоўненай яркімі, кранальнымі і шчырымі персанажамі. Героі карцін Ірыны Калеснікавай пражываюць свае маленькія жыцці з дзіўным жыццялюбствам і гумарам ‒ Чырвоная Шапачка смела ідзе насустрач выпрабаванням, усмешлівы анёл спрабуе сілу сваіх пухнатых крылаў, цягнуцца да сонца казачныя дрэвы, а белыя медзведзяняты салодка пасопваюць у сваіх лямцавых бярлогах.

На выставе “Цёплыя далоні” прадстаўлена больш за 30 работ, выкананых у аўтарскай тэхніцы аб’ёмнага лямцавалення ў перыяд з 2014 па 2022 год. У кожнай рабоце цяпло душы аўтара, якім яна шчодра дзеліцца са сваімі гледачамі і лічыць гэта сваім творчым і жыццёвым крэда.

Ірына Калеснікава нарадзілася ў горадзе Мінску ў 1979 годзе. У 2005 годзе скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. У 2009 годзе ў міжнародным праекце “У пошуках сваіх каранёў і сябе сучаснай” пазнаёмілася з тэхнікай лямцавалення і скончыла школу валення з воўны ў творчым аб’яднанні “Ваўняная шафа”. З 2009 года актыўная удзельніца мастацкіх выстаў. Стваральнік творчай майстэрні “БелБараш”.

Выстава працягнецца да 6 лістапада 2022 года

г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 10
серада – нядзеля, 11.00 – 19.00
(017) 342 24 26; (017) 337 24 30
minskmuseum.by

Уваходны квіток у галерэю:
5,00 руб. – для дарослых
3,50 руб. – для студэнтаў, пенсіянераў
2,50 руб. – для школьнікаў

626