20.10.2022. Адкрыццё беларуска-аўстрыйскай выставы мастацкага тэкстылю «Windows & Bridges» («Вокны і масты»)

20 кастрычніка 2022 года ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва адбылося адкрыццё беларуска-аўстрыйскай выставы мастацкага тэкстылю “Windows & Bridges” (“Вокны і масты”).

Выстава “Windows & Bridges” – гэта ўнікальны міжнародны праект, які ўпершыню аб'яднаў у адзінай выставачнай прасторы беларускае і аўстрыйскае сучаснае мастацтва тэкстылю маладога пакалення мастакоў. Аўтары ідэі і куратары праекта Мануэль Вандл (Аўстрыя) і Хрысціна Высоцкая (Беларусь) прапануюць гледачам пагрузіцца ў вялікае па багацці канцэпцый, формаў, матэрыялаў і тэхнік мастацкае пераасэнсаванне тэмы.

Мастак тэкстылю, даследчык, магістр мастацтваў Мануэль Вандл, з’яўляецца старшым выкладчыкам кафедры “Тэкстыль – свабодны, прыкладны і эксперыментальны дызайн” у Венскім універсітэце прыкладных мастацтваў – вядучай вышэйшай навучальнай установе ў галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Аўстрыі. Хрысціна Высоцкая – мастак тэкстылю, даследчык, магістр мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Праца над праектам “Windows & Bridges” пачалася ў кастрычніку 2021 года. Куратары паставілі перад сваімі студэнтамі няпростую творчую задачу – канцэптуальна пераасэнсаваць фармальна-пластычныя, ідэйна-сэнсавыя, вобразныя і філасофскія значэнні вокнаў і мастоў, з дапамогай мовы мастацкага тэкстылю і змешаных тэхнік. У выніку атрымаўся ўнікальны міжкультурны вопыт творчай працы. У экспазіцыі выставы прадстаўлена больш за 30 плоскасных, аб’ёмных і аб’ёмна-прасторавых твораў 19 аўтараў, выкананых у традыцыйных, аўтарскіх і эксперыментальных тэхніках тэкстылю і мікс-медыя.

634