#TraveltoDobrush Насовічы

#TraveltoDobrush

Насовічы — аграгарадок у Добрушскім раёне, які знаходзіцца за 26 км на поўдзень ад раённага цэнтра Добруша і за 35 км ад Гомеля.

Насовічы - адзін з найбольш старажытных населеных пунктаў Дабрушчыны. Упершыню ў пісьмовых крыніцах Насовічы згадваецца ў інвентары Гомельскага староства (1560).

У XVIII -XIX стст. Насовічы ўваходзілі ва ўладанні дваран каталікоў Фашчоў. Па пісьмовых крыніцах канца XIX ст, тут, у 1722 годзе, была пабудавана праваслаўная царква.

Перад адменай прыгоннага права ў Насовічах працавала царква, яўрэйская малельная школа, школа для сельскіх дзяцей. Працавалі бровар, сукнавальня, 5 ветракоў.

У 1880 г. у Насовічах быў 361 двор. Функцыянавалі народнае вучылішча і яўрэйская малітоўная школа. У 1914 г. у Насовічах была адкрыта вышэйшая пачатковая вучэльня. У 1917 г. у вёсцы адкрыліся дзве бібліятэкі.

Насаўчане прымалі актыўны ўдзел у рэвалюцыйных падзеях 1917 г. і грамадзянскай вайне. У мястэчку быў утвораны рэвалюцыйны камітэт, арганізаваны партызанскі атрад.

У 1918 г. у маёнтак Фашчоў была ўтворана "народная камуна", якая пазней атрымала назву саўгаса.

Акрамя саўгаса, у 1930 г. у Насовіцкай радзе быў утвораны калгас «Новы шлях», у 1931 г. - калгасы «Новасяброўскі», «Ударнік палёў».

На пачатак Вялікай Айчыннай вайны Насовічы налічвалі 360 двароў і 1250 жыхароў. Нямецка-фашысцкія захопнікі спалілі тут сотні двароў і разрабавалі калгасную ўласнасць. У памяць аб тых падзеях, у 1975 годзе ў скверы ўстаноўлены абеліск і дошкі з імёнамі загінуўшых.

У 1964 годзе пабудавана Свята-Мікольская царква.

Рашэннем Добрушскага раённага Савета дэпутатаў ад 2010 года Насовічы Насовіцкага сельсавета Добрушскага раёна пераўтвораны ў аграгарадок Насовічы.

Транспартныя зносіны паміж Добрушам і Насовічамі ажыццяўляецца кожны дзень, акрамя выхадных (аўтобус Добруш-Антонаўка). З Гомеля аўтобусныя зносіны ажыццяўляецца кожны дзень, у тым ліку і ў выхадныя дні, па маршрутах Гомель - Антонаўка, Гомель - Усохская Буда.

228