Цацкаванне! Чарговы майстар-класс прайшоў у Музеі ткацтва

У Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я адбыўся майстар-клас «Гульня, ды не штодня: цацкаванне!» у рамках аўтарскага праекта «Полацкая набіванка», які рэалізуецца пры падтрымцы гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы культуры.

Спачатку ўдзельнікі майстар-класа пазнаёміліся са старажытнай тэхнікай упрыгожвання тканіны. Раней аздабленне рабілася пад стук драўлянага малатка з дапамогай дошчачак-клішэ з рэльефным арнаментам — набіванкай. Пад рукой тады не заўсёды былі патрэбныя прылады працы. Але людзі праяўлялі кемлівасць! Для набіванкі часта выкарыстоўвалі не толькі драўляныя штампы, але і выразаныя з сырой бульбы, рэпы ці морквы. Гэты працэс ласкава называлі «цацкаванне». У Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я ўдала аднавілі дадзеную традыцыю! Майстар-клас быў прысвечаны менавіта народнай вынаходлівасці. Пад кіраўніцтвам вядучага навуковага супрацоўніка музея Т. В. Бараненка ўдзельнікі майстар-класа з энтузіязмам узяліся за стварэнне ўласных штампаў з бульбы з нескладаным геаметрычным узорам. Потым наступіў самы цікавы момант — дэкарыраванне тканіны. Усе праявілі сябе як сапраўдныя майстры-набойшчыкі!

На мерапрыемстве прысутныя не толькі змаглі папрактыкавацца ў цацкаванні, але і дакрануліся да жывой традыцыі: кожны адчуў сябе часцінкай багатай культурнай спадчыны Беларусі.

28